26 лістапада ў Гданьску падвялі вынікі літаратурнай прэміі имя Ежы Гедройця — самай прэстыжнай у беларускай літаратуры.
Сярод кніг, якія прэтэндавалі на перамогу, быў і раман «Час пустазелля» Ганны Янкуты, прысвечаны падзеям 2020-2022 гадоў. Ён заняў другое месца, саступіўшы кнізе класіка беларускай філасоўскай думкі Валянціна Акудовіча.
«Час пустазелля» называюць спробай асэнсаваць бясчассе, у якім апынуліся беларусы пасля 2020 году. Яна паказвае свет вачыма беларускі, якая апынулася ў вымушанай эміграцыі. Кніга складаецца з рэальных і выдуманых гісторыяў, мімалётных уражаньняў, ўспамінаў.
Аўтар dekoder’а Дзяніс Марціновіч паразмаўляў з Ганнай пра «жыццё на валізках», адарванасць ад Беларусі, стыпендыяльныя праграмы для творцаў і перспектывы беларускай літаратуры.
Падпісвайцеся на наш тэлеграм-канал, каб не прапусціць нічога з галоўных навін і найважнейшых дыскусій, якія ідуць у Нямеччыне і ў Еўропе. Гэта па-ранейшаму бяспечна для ўсіх, у тым ліку для грамадзян Беларусі і Расіі.
Прэзентацыя ў Вільні / © Фота Дар'і Роскач
«На пытанне, дзе я жыву, звычайна адказваю: нідзе»
дekoder: Чытаючы вашыя сацсеткі, складваецца ўражанне, што вы ўвесь час у дарозе.
Ганна Янкута: Я з'ехала з Беларусі ўвесну 2021 года, два гады жыла ў Польшчы, а з сярэдзіны 2023 года сапраўды амаль увесь час у дарозе. Сёлета я нейкі час правяла ў Польшчы, Латвіі, Швецыі, Германіі і Аўстрыі, ненадоўга выязджала ў іншыя краіны. Цэнтрам майго эмігранцкага жыцця застаецца Польшча, там у сяброў захоўваюцца мае кнігі і рэчы, я часта там бываю.
— Ці карэктна казаць, што гэта «жыццё на валізках»?
Так, думаю, гэта добрае вызначэнне. На пытанне, дзе я жыву, я звычайна адказваю: нідзе. Часам мне шанцуе і я трапляю на пісьменніцкую рэзідэнцыю, часам ненадоўга здымаю недзе жыллё (напрыклад, летась я тры месяцы жыла ў Аргентыне, а гэтай зімой здымала пакой у Варшаве), часам на нейкі час спыняюся ў сяброў (так, сёлета паўтара месяца жыла ў сяброў у Берліне). Сталага дому ў мяне цяпер няма. Мой дом застаўся ў Беларусі.
— Чаму вы выбралі такі лад жыцця?
Гэта і збег абставінаў, і вынік тых выбараў, якія я рабіла ў апошнія гады. Для мяне важна, пакуль магчыма, заставацца ў беларускай літаратуры — пісаць тэксты, рыхтаваць кнігі да выдання, займацца даследаваннямі, дапамагаць кніжным праектам. Часцей за ўсё такая праца не дае грошай, а калі нешта і дае, то пражыць за гэта немагчыма. Калі я недзе асяду, арандую сталае жыллё, мне трэба будзе шукаць працу на поўны дзень, і, хутчэй за ўсё, яна не будзе звязаная ні з беларускай мовай, ні з літаратурай. Думаю, часу на свае праекты ў мяне тады будзе нашмат менш. Таму, пакуль магчыма, я вяду вандроўнае жыццё.
Аднак гэта ўсё адно часовае рашэнне. Дасяжных для беларускіх пісьменнікаў рэзідэнцый і стыпендый не так шмат, і гэта вельмі цяжка фізічна і эмацыйна — увесь час пераязджаць, шукаць, дзе будзеш жыць у наступныя месяцы, падаваць заяўкі (і часта атрымліваць адмовы). Рана ці позна давядзецца асядаць. Пакуль ёсць час, я стараюся скончыць праекты, якія пачала, зрабіць як мага больш.
«Адарванасць ад Беларусі не замінае, хоць часам ад яе балюча»
— Такі лад жыцця спрыяе творчасці ці замінае ёй?
З аднаго боку, эмігранцкае жыццё ў цэлым не спрыяе творчасці: і застаючыся на месцы, і вандруючы трэба вырашаць мноства новых задач, засвойваць новыя мовы, атрымліваць новыя навыкі. На гэта сыходзіць шмат часу, які ў Беларусі я магла б патраціць на пісанне.
З іншага боку, я атрымліваю новыя веды, новую оптыку, знаёмлюся з новымі людзьмі — мабыць, менавіта гэта і называецца досведам. Не ведаю, ці хацела б я атрымаць яго такім чынам. Але паколькі выбару ў мяне няма, даводзіцца падладжвацца пад абставіны.
— А фізічная адарванасць ад сваёй зямлі замінае творчасці, ці кожны носіць сваю Беларусь з сабой?
Я вельмі сумую па Беларусі і хачу вярнуцца. Хоць і разумею, што калі змагу туды трапіць, гэта будзе ўжо не тая краіна, з якой я з'ехала ў 2021 годзе. Усё, што я цяпер раблю ў літаратуры, я раблю з надзеяй на захаванне беларускай мовы, на прасоўванне ведаў пра Беларусь у свеце, увогуле на лепшую будучыню Беларусі. Гэта мяне падтрымлівае, дапамагае спраўляцца з адчаем.
Абставіны склаліся так, што я не магу жыць там, дзе хачу, — значыць, трэба прыдумаць, што і як я магу ў гэтай сітуацыі зрабіць. Таму, мабыць, адарванасць ад Беларусі мне не замінае, хоць часам ад яе вельмі балюча.
«Запрасілі на рэзідэнцыю з лістапада 2025. Галоўнае, дзе жыць да таго часу»
— Для большасці чытачоў пісьменніцкія рэзідэнцыі — гэта нешта таемнае і незразумелае. Як туды трапіць?
У 2021 годзе я выйграла Gaude Polonia ў Польшчы — прэстыжную шасцімесячную стыпендыю для ўкраінцаў і беларусаў. Там вялікі конкурс: трэба рыхтаваць сур'ёзную заяўку і, безумоўна, мець праект, які спадабаецца журы. Сваю заяўку я рыхтавала некалькі тыдняў. Гэта самая доўгая стыпендыя, якую я атрымлівала, астатнія былі на месяц ці два.
Некалькі такіх кароткачасовых пісьменніцкіх рэзідэнцый для беларусаў і ўкраінцаў, ёсць у Варшаве, Кракаве і Гданьску, ёсць рэзідэнцыя Kolegium tłumaczy для перакладчыкаў з польскай мовы. На іх таксама трэба падаваць праект. Напрыклад, на месячную стыпендыю ад SDK (Staromiejski Dom Kultury) у Варшаве я падавалася 3 ці 4 разы, перш чым атрымала яе.
Звычайна ва ўмовах рэзідэнцыі прапісана, чаго чакаюць арганізатары. Недзе дастаткова адной апублікаванай кнігі, недзе чакаюць толькі пісьменнікаў, чые творы перакладзеныя на нейкую мову, напрыклад, нямецкую. Ёсць рэзідэнцыі для творцаў, якія ў сваёй краіне сутыкнуліся з пераследам, але на такія я ніколі не падавалася.
Рэзідэнцыі, на якія мне шчасціла трапіць, адкрытыя для ўсіх пісьменнікаў, інфармацыя пра іх ёсць у вольным доступе. Не ведаю, ці ёсць «сакрэты», якія дапамагаюць выйграць у конкурсе, многія мае заяўкі не выйгравалі. Гэта асобны навык — пісаць заяўкі, здаецца, я паціху гэтаму вучуся.
Нядаўна я атрымала адказ па чарговай сваёй заяўцы — мяне запрасілі на творчую рэзідэнцыю з лістапада 2025 да студзеня 2026. Трэба толькі спланаваць, дзе я буду жыць да таго часу.
«Калі б у мяне былі дзеці, у эміграцыі я б, магчыма, увогуле не пісала»
— Якім чынам вы цяпер зарабляеце на жыццё?
Перакладамі рознага кшталту тэкстаў на беларускую мову з рускай, англійскай і польскай. У пераважнай большасці гэта не мастацкія тэксты, а, напрыклад, праваабарончыя ці журналісцкія матэрыялы, матэрыялы для культурных арганізацый ці НДА. Гэта мой стабільны, хоць і невялікі заробак.
Я не магла б пражыць за гэтыя грошы, калі б час ад часу не трапляла на пісьменніцкія рэзідэнцыі. Нават калі рэзідэнцыя не прадугледжвае стыпендыі, тое, што на нейкі час ёсць, напрыклад, бясплатны пакой у пісьменніцкім доме, дапамагае эканоміць.
Часам я атрымліваю ганарары за літаратурныя выступы ці лекцыі, часам мне плацяць за артыкулы ці эсэ, якія я прапаноўваю выданням сама ці якія мне замаўляюць (зрэшты, такое бывае рэдка, некалькі разоў на год). Таксама я атрымліваю роялці з продажу маіх кніг. Але ганарары і роялці — вельмі маленькая частка майго прыбытку, не тыя грошы, за якія можна было б пражыць.
— У жыцці ў эміграцыі жанчынам-літаратаркам прасцей, чым мужчынам, ці складаней? Ці наогул некарэктна рабіць такія параўнанні па гендару?
Я думаю, што ў эміграцыі цяжэй за ўсё людзям, якія адказваюць не толькі за сябе, але і за некага яшчэ — напрыклад, за дзяцей, ці за старых бацькоў, ці за хворага чальца сям'і. І калі казаць пра людзей, якія гадуюць дзяцей у адзіночку, то статыстычна сярод іх жанчын больш — гэта такі гендарны аспект, ён тычыцца ў тым ліку літаратарак. Калі б у мяне былі дзеці, у эміграцыі я б напэўна нашмат менш працавала з літаратурай, магчыма, увогуле б не пісала. Гэта дакладна было б нейкае іншае жыццё: я бачу, што прынамсі першыя гады ў эміграцыі мае знаёмыя жанчыны з дзецьмі маюць вельмі мала вольнага часу.
«Спадзяюся, ніколі больш не напішу такую кнігу, як “Час пустазелля”»
— «Час пустазелля» — цудоўная характарыстыка часу. Ці бачыце вы надзею? Ці прарастаюць «трава» і «расліны» на выпаленай зямлі?
З аднаго боку, «час пустазелля» я ўспрымаю як метафару для бясчасся, у якім аказаліся беларусы — калі ты не бачыш сваёй будучыні і не можаш нешта ўсур'ёз планаваць. Гэтая «пустата» ў слове «пустазелле» — яна па-свойму характарызуе сітуацыю, у якой мы жывём.
З іншага боку, пустазелле — гэта нешта кепскае толькі з гледзішча людзей. Звычайна мы называем пустазеллем тыя расліны, якія нам не падабаюцца, растуць не там, дзе мы хочам. Але яны сапраўды вельмі трывалыя і здольныя прарастаць нават у самых неспрыяльных умовах: на выпаленай зямлі ці на градках, дзе мы іх пастаянна вырываем. Для мяне гэтая назва — якраз пра надзею, але гэтая надзея хісткая і змрочная. Ну, але якая ёсць.
— У «Часа пустазелля» адной з сюжэтных ліній была «геалагічная» (у пачатку вайны Ганна Янкута хадзіла ў геалагічны музей. У кнізе ёсць частка пра тое, як жыццё на Зямлі паволі нараджалася, змяняла формы, прыстасоўвалася да свету і змяняла яго. — дekoder). Зараз у вас ёсць патрэба ў такой адстароненасці? Ці магчымая яна?
Спадзяюся, я больш ніколі не напішу такую кнігу, як «Час пустазелля». Бо гэта сапраўды быў страшны час, калі Расія толькі распачала паўнамаштабную вайну ва Украіне і было цяжка паверыць, што такое ўвогуле магчымае. Псіхіка патрабавала нейкага аповеду, які калі б не адгароджваў ад жудасных падзей, то прынамсі ствараў бы для іх іншую перспектыву. Такую перспектыву мне дала геалагічная гісторыя Зямлі, гэта была прызма, праз якую я тады магла глядзець на свет.
Упэўненая, што тая кніга, якую я пішу цяпер, і тыя, што напішу ў будучыні, будуць іншыя, бо і я сама, і свет вакол мяне мяняецца, і я ўжо па-іншаму рэагую на тое, што ў ім адбываецца.
— Наогул творы пра сучаснасць (асабліва беларускую апошніх гадоў) лепш пісаць адстаронена ці на эмоцыях?
Я думаю, кожныя пісьменніца і пісьменнік піша па-свойму. Для мяне адстароненасць — адзін з важных інструментаў пісьма. Я не пішу знутры эмоцыі, а стараюся паглядзець на яе з дыстанцыі, разабраць на дэталькі. Але гэта, вядома, не адзіны магчымы падыход — паэзія, напрыклад, часта пішацца якраз з глыбіні эмоцыі, яна дапамагае надаць гэтай эмоцыі слоўную форму. Можна нават не столькі пісаць, колькі крычаць (наша рэчаіснасць дае для гэтага дастаткова нагодаў) — і гэта таксама праца з эмоцыямі. У цяжкія хвіліны мне як чытачцы такая літаратура дапамагае ператравіць уласны боль, ці адчай, ці нянавісць, і ў выніку адчуць палёгку.
Але мне самой у пісанні заўсёды трэба рабіць ад эмоцыі крок убок. Таму і «Канстытуцыю» (зборнік вершаў, паэтычныя развагі на палях асноўнага дакумента краіны. — Рэд.), і «Час пустазелля» я выбудоўвала вакол пэўных канцэпцый: «Канстытуцыя» — гэта вершы, напісаныя на палях законаў, а «Час пустазелля» — гэта дзённік эміграцыі, які пісаўся ў геалагічным музеі ў першыя месяцы вайны. Такога кшталту канцэпцыі якраз і дапамагаюць стварыць дыстанцыю.
«Бум цікавасці да беларускай літаратуры ў эміграцыі — з'ява часовая»
— У літаратуры вы яшчэ з нулявых гадоў. Вы бачыце станоўчую дынаміку яе развіцця? Ці ўсё горш і горш?
Сітуацыя ў беларускай літаратуры увесь час мяняецца. Пятнаццаць гадоў таму незалежных выдавецтваў было вобмаль, кніг выходзіла зусім мала, у асноўным яны былі тоненькія. Гэта не гаворыць пра яе якасць, але сведчыць пра тое, што ў аўтараў няшмат часу для літаратуры.
Паступова колькасць выдавецтваў і чытачоў расла, выдаць нешта рабілася прасцей. Гэта вынік адданай, часам незаўважнай, малааплатнай ці нават валанцёрскай працы многіх людзей — пісьменнікаў, перакладчыкаў, выдаўцоў, рэдактараў, крытыкаў і прамоўтараў. А таксама чытачоў, якія шукалі беларускія кнігі — бо ў Беларусі знайсці і набыць кнігу па-руску было заўсёды прасцей, чым па-беларуску. 2020 год быў пікам, ён паскорыў нарошчванне чытацкай аўдыторыі і цікавасці да беларускай літаратуры. Нездарма ж пасля ўлады ліквідавалі большасць незалежных выдавецтваў, кнігі па-беларуску ўспрымаліся як інструмент фармавання супольнасці і супраціву.
Цяпер літаратурнае жыццё досыць актыўнае ў эміграцыі, нешта выдаецца ў Беларусі, кнігі пішуцца і перакладаюцца — гэта дае надзею. Але я б з гэтай надзеяй была асцярожная. Па-першае, з маніторынгаў вядома, што ў Беларусі пасля 2020 года русіфікацыя ўзмацнілася яшчэ больш. Гэта не натуральны працэс, гэта працэс, у які Расія ўкладае шмат сіл і сродкаў. І мы не ведаем, як новыя пакаленні будуць ўспрымаць беларускую мову. Ці прыйдуць у літаратуру праз 10-20 гадоў новыя беларускамоўныя пісьменнікі і перакладчыкі.
Па-другое, бум цікавасці да беларускай літаратуры ў эміграцыі — з'ява часовая: дзеці тых, хто эміграваў, наўрад ці яны будуць купляць і чытаць беларускія кнігі ў тым жа аб'ёме, як і іх бацькі. Па-трэцяе, можна зірнуць, напрыклад, колькі цяпер пішацца па-беларуску буйной прозы. Нашмат менш, чым ва ўмоўным 2019 годзе. Бо многія аўтары былі вымушаныя эміграваць, ім даводзіцца пачынаць жыццё нанова, мала ў каго ёсць магчымасць пісаць. Многія сыходзяць з літаратуры, і я думаю, такіх будзе ўсё больш.
Усё гэта не значыць, што трэба скласці рукі. Наадварот — трэба рабіць усё магчымае, пакуль мы маем цікавасць чытачоў. Тая праца ў літаратурным полі, якая будзе зробленая цяпер, можа даць імпульс для нейкіх зменаў, у тым ліку ўнутры Беларусі. Напрыклад, калі беларускія кнігі перакладаюцца на замежныя мовы, гэта стварае больш трывалы вобраз Беларусі за мяжой, узмацняе нашу суб'ектнасць. Чым больш беларускіх даследаванняў, публікацый, нейкіх гучных падзей накшталт прэмій — тым больш Беларусь успрымаецца як асобная краіна з уласнай культурай, а не нейкі прыдатак да Расіі. Культурны прадукт, створаны за мяжой, можа кантрабандай трапляць у Беларусь (як створанае там трапляе за мяжу) і мець свой уплыў.
Але варта памятаць, што сітуацыя нестабільная, яна будзе мяняцца далей, магчыма, у горшы бок. Не ведаю, ці хопіць у нас сіл і рэсурсаў, каб справіцца з гэтым, але я думаю, што змагацца мае сэнс.
«Я пішу новую кнігу»
— Якой бачыце сваю будучыню вы? Наколькі далёка цяпер гарызонт вашага планавання?
У мяне ёсць прыкладны план на наступны год: дзе, як і за што я буду жыць. Планы на далейшы час больш цьмяныя, але мяне гэта не трывожыць. У пачатку 2020-га ў мяне быў дакладны прафесійны, фінансавы, творчы план на наступныя пяць гадоў — і рэальнасць зруйнавала яго дашчэнту. Таму пакуль я не бачу магчымасці рабіць доўгатэрміновыя планы, бо сітуацыя і ў маім жыцці, і ў Беларусі, і ў свеце далёкая ад стабільнасці.
Цяпер я пішу новую кнігу, якую спадзяюся скончыць да восені наступнага года. Таксама ёсць некалькі меншых праектаў: хачу дарабіць некалькі паэтычных перакладаў, падрыхтаваць да перавыдання некалькі кніг аўтараў, якія здаюцца мне важнымі ў сённяшнім кантэксце, дапісаць і выпусціць дзве невялікія гісторыі для дзяцей.
У мяне ляжыць напалову напісаны тоўсты раман пра мой родны горад Гародню і падзеі 2020 года — калі ўсё будзе добра, з наступнай восені я б хацела да яго вярнуцца. Таксама ў мяне шмат іншых ідэй, якія я пакуль адкладаю на «калі-небудзь потым». Я буду рабіць усё магчымае, каб як мага даўжэй заставацца ў беларускай літаратуры. А калі здарыцца нешта непрадказальнае і давядзецца вырашаць іншыя праблемы (як гэта здарылася з маімі планамі пасля 2020 года) — здаецца, цяпер я да гэтага падрыхтаваная больш, чым была пяць гадоў таму.
Тэкст: Дзяніс Марціновіч
Апублікаваны: 02.12.2024