Уладзімір Някляеў, які нарадзіўся ў 1946 годзе ў Смаргоні на захадзе Беларусі, з'яўляецца адным з самых вядомых сучасных беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. У маладосці ён правёў некалькі гадоў на Далёкім Усходзе Расіі, а ў пачатку 1970-х паступіў у Маскоўскі літаратурны інстытут. Потым ён працаваў на розных пасадах у журналісцкіх і літаратурных выданнях. А ў 1976 годзе адбыўся яго паэтычны дэбют са зборнікам «Адкрыццё». З таго часу Някляеў апублікаваў мноства лірычных твораў і раманаў.
У 2010-м ён заснаваў грамадска-палітычную ініцыятыву «Гавары праўду!», ад якой у тым жа годзе балатаваўся на прэзідэнцкіх выбарах. У ноч выбараў Някляеў быў збіты людзьмі ў масках, а затым арыштаваны ў шпіталі. Пасля пратэстаў 2020 года і ў выніку рэпрэсій ён з'ехаў у выгнанне.
У сваім эсэ для нашага праекту «Беларусь — Зазірнуць у будучыню» Някляеў задаецца пытаньнем, ці дастаткова ў сваёй гісторыі беларусы зрабілі для забеспячэння незалежнасьці сваёй дзяржавы.
Зараз жа для яго ключавым фактарам далейшага існавання Беларусі з'яўляецца зыход вайны, якую Расія вядзе супраць Украіны. «Будучыня Беларусі без Украіны, — піша Някляеў, — гэта інкарпарацыя яе ў склад Расійскай Федэрацыі».
Падпісвайцеся на наш тэлеграм-канал, каб не прапусціць нічога з галоўных навін і найважнейшых дыскусій, якія ідуць у Нямеччыне і ў Еўропе. Гэта па-ранейшаму бяспечна для ўсіх, у тым ліку для грамадзян Беларусі і Расіі.
Займаючыся літаратурай, аб'ект якой — чалавек, на гісторыю звык я глядзець не столькі як на гісторыю падзей, колькі на гісторыі людзей, якія ствараюць падзеі.
2020 год для Беларусі — падзея з сотнямі тысяч, з мільёнамі людзей. Гэта год жнівеньскай рэвалюцыі, вынікам якой мусіла стаць свабода, дэмакратыя, а стала няволя, тыранія.
Чаму сталася менавіта гэтак, а не інакш? Як увогуле за 33 гады нашай (няхай шмат у чым фармальнай) незалежнасці мы прыйшлі туды, куды прыйшлі: на мяжу страты Айчыны?
Спрабуючы знайсці адказы на гэтыя пытанні, я пачаў пісаць раман пра падзеі, сведкам якіх быў, і пра людзей, якія падзеі гэтыя стваралі. У 2021-м пачаў — і адклаў. Бо ўсё блізка — і ўсё балюча. Да спазмаў сэрца, да слёз. А слязьмі нічога не напішаш. Ні раман, ні тым больш гісторыю далёка не жаласлівага часу.
Пасля падзей 2020 года мне ўжо моцы сэрца майго не ставала глядзець на тое, што дзеецца ў Беларусі. Бачыць, як знішчаецца яе мова, культура, гісторыя, як расцякаецца па свеце, ратуючыся ад рэпрэсій, яе народ. Гэта ўжо нават не эміграцыя, гэта — Сыход. Кшталту гістарычнага Сыходу габрэяў, якія, прайшоўшы шляхам пустэчы праз выпрабаванні лёсу, ўсё ж вярнуліся да саміх сябе. Бо ім было да каго і было да чаго вяртацца.
Ці ёсць нешта такое ў нас? А калі ёсць, ці захаваецца яно ў дарозе вяртання? Тое, што дарога будзе доўгай, ужо відавочна. Дык ці вернемся беларусамі? Не толькі тыя, хто ў замежжы, але і тыя, хто дома, дзе таксама — Сыход. Бо сыходзіць, вынішчаецца ўсё, з чым бы мы, як з вадой і хлебам, якімі дзеліцца з выгнаннікамі Бог, маглі б вытрываць, прайсці свой шлях цераз пустэчу.
Найстрашнае ва ўсім гэтым: ты не маеш ніякай магчымасці знішчэнню супрацьстаяць. Гэта такі боль, праз які нават пачаў я зайздросціць маім старэйшым сябрам, што сыйшлі ў іншы свет і не бачаць, як руйнуецца ўсё, дзеля чаго яны не толькі пісалі — дзеля чаго жылі. Таму калі ў Польшчы прапанавалі выдаць кнігу, якую ў Беларусі надрукаваць ніяк не ўдавалася, я скарыстаўся прапановай. Прыехаў у Польшчу і ўжо там вярнуўся да пачатага ў Мінску рамана.
Ці не палову тэксту напісалася да вайны ва Украіне. Калі ж пачалася вайна, аказалася, што без паглыблення ў яе вытокі, адказаць на пытанне, чаму ў нас усё так, а не інакш, немагчыма. У напісаным тэксце я ўбачыў тыя ж канцэптуальныя памылкі, што былі зробленыя ў палітыцы, і мусіў ад яго адмовіцца. І нанава пачаў якраз з вайны.
Лёс Беларусі заўсёды вызначалі войны. Так было і ў XYIII стагоддзі (пасля Сямігадовай вайны і трох падзелаў Польшчы), і ў XIX (па вайне 1812 года), і ў XX (пасля Першай і Другой сусветных войнаў). Не выключэннем стала і ХХІ стагоддзе, у якім лёс Беларусі вызначаецца вайной Расіі супраць Украіны.
Вайна, у якой забіваюць адзін аднаго людзі, якія нядаўна называліся братамі, — гэта антычная трагедыя. Не проста зразумець яе пастаноўшчыкаў, выканаўцаў роляў, дэкаратараў, але самае складанае — зразумець антычны хор, які ў класічных трагедыях Эўрыпіда, Эсхіла, Сафокла ўвасабляе народ, роля якога — тлумачэнне падзей і ацэнка ўчынкаў герояў з гледзішча маралі. Дык вось калі антычны хор у Расіі спявае братазабойчай вайне асану, а ў Беларусі народ слухае і як бы згодна маўчыць (наша хата з краю), тады што гэта за народ? Словы Максіма Багдановіча «Народ, беларускі народ, Ты – цёмны, сляпы, быццам крот», – гэта эмацыйны выдых, які нічога не вызначае. Народ не цёмны, не сляпы. Проста гэтак гістарычна склалася, што ён пакуль не стаў народам. Не палюбіў усяго сябе так, каб захацець народам стаць.
Мы хворыя на айкафобію. На нелюбоў да свайго. Да сваёй мовы, культуры, гісторыі… Амаль усё, што не сваё, у нашым уяўленні лепшае. Па сутнасці — гэта хвароба, на якую ў розныя часы хварэлі розныя народы, але ў беларусаў яна хранічная. І пакуль мы ад хваробы гэтай не пазбавімся, не палюбім саміх сябе і ўсё сваё, датуль не дапамогуць нам стаць народам, паўнавартаснай нацыяй ніхто і нішто.
Зрэшты, яно датачыць не толькі нас, але і нашых усходніх суседзяў. І, можа быць, нават у большай ступені. Ва ўсякім разе ніхто з беларусаў не пісаў гэтак пра Беларусь, як рускія пра Расію: «Прадвызначэнне Расіі толькі ў тым, каб паказаць усяму свету, як не трэба жыць і чаго не трэба рабіць» (П. Чаадаеў).
Вядома, не надта яно навукова: казаць пра ролю любові ў гістарычным працэсе фармавання народа. Але я літаратар, а не навуковец. І як літаратар, ведаю, што найлепшая літаратура — тая, якая пра радню. Пра сям'ю. Скажам, «Сага пра Фарсайтаў» Галсуорсі. Ці «Вайна і мір» Талстога. І не толькі ў гэтых раманах, а ва ўсіх, якія я чытаў, што напісаныя хоць ангельцамі, хоць кітайцымі, сям'я тады сям'я, калі яна — любоў. І народ — сям’я, і свет — сям'я народаў, што таксама стаіць на падмурку любові — і раптам падмурак парушыўся братазабойчай вайной.
Дзякуй Богу, у гэтую вайну мы не ўступілі наўпрост. Але нечуваныя ад сталінскіх часоў рэпрэсіі, усчатыя пасля падзей жніўня 2020 года — гэта наўпроставая вайна дзяржавы з народам. Вайна з самімі сабой. І ці мы яе спынем, ці яна давядзе нас да нацыянальнага самагубства. Які давяла б да яго і наша вайна супраць Украіны.
Будучыня Беларусі без Украіны — інкарпарацыя ў склад Расійскай Федэрацыі. «Добраахвотнае далучэнне» да Расіі «або шасцю губерніямі, або ўсёй Беларуссю», — як прапанаваў яшчэ ў 2000-м годзе, толькі стаўшы прэзідэнтам, Пуцін. Можна, вядома, і далучана існаваць (праіснавалі ж мы неяк амаль два з паловай стагоддзі спачатку ў Расійскай імперыі, а пасля ў СССР), але ў такім разе паўстае пытанне аб здольнасці беларусаў стаць паўнавартаснай нацыяй.
У рамане «Гэй Бэн Гіном», які напісаў я яшчэ да нападу Расіі на Украіну (пра што ўсе навукоўцы, палітыкі з палітолагамі казалі як пра нешта немагчымае) ёсць дыялог Сталіна і Янкі Купалы, нашага нацыянальнага генія. Сталін кажа: «Рускі народ — вялікі народ, таварыш Купала. Вось маглі б немцаў перамагчы беларусы? Ці хай нават грузіны? Не. А рускія перамаглі. Яны нават Украіну могуць перамагчы, калі захочуць». І на пытанне Купалы: «А навошта ім перамагаць Украіну?», — Сталін адказвае: «Як навошта? Бо яны рускія».
Гэта, вядома, не палітыка і не паліталогія, а літаратура. Для сюжэту рамана дыялог гэты не такі ўжо істотны, яго магло не быць. І ўсё ж чамусьці (мастацтвазнаўцы называюць гэта творчай інтуіцыяй) ён напісаўся. Напярэдадні вайны.
Што да яе прывяло? Вайна гэтая не толькі і не столькі за тэрыторыі. Не за Крым і не за Данбас. Прычына яе значна глыбейшая. Цывілізацыйная. Як напісаў мне ў лісце адзін з украінскіх сяброў-паэтаў: «Ми для них екзистенційні вороги, як і вони для нас. Ця війна — за глибоким корінням і трагізмом — по суті біблійна… Або ми їх, або вони нас. Не більше і не менше».
«Захад ёсць Захад, Усход ёсць Усход — і разам ім не бываць», — сфармуляваў, паўтараючы ангельца Кіплінга, рускі паэт Аляксандр Блок. І хоць у свеце (скажам, у Паўднёвай Карэі, дзе Ўсход і Захад відавочна разам) гэтая формула паціху размываецца, але не ў Расіі. Ад самага пачатку сваёй дзяржаўнасці Расія цывілізацыйна выбрала Ўсход з ягоным пастулатам: уся ўлада ў адным кулаку. Цяпер гэта ў «рускім свеце» называецца «русской властью», канцэпцыя якой распрацаваная ў сярэдзіне 90-х і зводзіцца да асобы, якая стаіць над законам. Гэтак было і пры царах, і пры генсеках, і гэтак засталося пры прэзідэнтах, апошні з якіх заявіў, што Арда бліжэй Расіі, чым «заходнія заваёўнікі». Украіна ж рашуча, да чаго падрыхтавала яе гісторыя, зрабіла спробу ступіць у рэчышча заходняй цывілізацыі з яе прынцыпам падзелу ўлады. Няхай гэта не найпершая прычына, але і не апошняя з тых, якія прывялі да міжцывілізацыйнага сутыкнення.
Расія выбрала свой шлях, Украіна — свой. А Беларусь не зрабіла выбару. Засталася паміж шляхамі.
Гэта наўпрост паўплывала на тое, што Рэспубліка Беларусь ніяк не скарысталася займетай незалежнасцю. На самым пачатку незалежнасць давала магчымасць прымаць самастойныя (незалежныя ад рэзка аслабленай Расіі) рашэнні. Як прымалі гэткія рашэнні краіны Балтыі, скіраваўшыся ў Еўразвяз і тым самым зратаваўшыся. У Беларусі ж такія прапановы не прымаліся не толькі кансерватыўнай (камуністычна-прасавецкай) часткай грамадства, але і дэмакратычнай. Нават Беларускім народным фронтам (найбольшай на той час апазіцыйнай сілай), лідар якога выступаў за цалкам самастойную, не далучаную ні да Расійскай Федэрацыі, ні да Еўрапейскага звяза, Беларусь. Я надрукаваў у той час артыкул “Паміж палюсамі», у якім пытаўся: як можа металічная пясчынка ўтрымацца ў раўнавазе паміж палюсамі магніта? Гэта немагчыма. І пачуў у адказ, што яно немагчыма ў фізіцы. А ў палітыцы можа быць.
Гэта была першая палітычная памылка, якую можна назваць гістарычнай, бо яна стала па сутнасці першым крокам да страты толькі што займетай незалежнасці. І колькі ж павінна было прайсці часу, каб нават прэзідэнт Украіны Зяленскі, які папракаў Беларусь у хаўрусе з агрэсрам, нарэшце заявіў: «Еўропа — гэта і Балканы, і Малдова, і будзе абавязкова Дзень Еўропы для Грузіі і Дзень Еўропы для Беларусі».
Вядома, Беларусь у 1991 годзе не адразу паклікалі б у Еўразвяз. Спатрэбіўся б час на тое, як было яно з краінамі Балтыі, каб выканаць адпаведныя ўмовы. Але гэта быў бы не страчаны час нашай гісторыі, якім ён ёсць зараз. Гэта быў бы выбраны шлях.
Тут можна спытаць: «А як жа Саюзная дзяржава?» Хіба гэта не шлях на Ўсход? Не выбар?
Так, выбар. Але не шлях. Бо гэта выбар не цывілізацыйны. Палітычны. А палітыка такая ж хутказменная рэч, як надвор'е.
Другая памылка была зробленая кіраўнікамі незалежнай Рэспублікі Беларусь падчас падпісання Белавежскіх пагадненняў.
Я даволі добра ведаў тагачаснага дзяржсакратара Расійскай Федэрацыі Генадзя Бурбуліса, з якім пазнаёміліся мы яшчэ ў пачатку 80-х у Свярдлоўску, дзе я чытаў студэнтам Уральскага палітэха вершы, а ён — лекцыі па марксісцка-ленінскай філасофіі. Дык вось я спытаў яго, ці былі падчас падпісання Белавежскіх пагадненняў (у чым ён прымаў непасрэдны ўдзел) хоць неяк акрэсленыя наступствы падпісання гэтага дакумента? Палітычная, эканамічныя, сацыяльныя? І ён адказаў, што нічога такога не было, а была «свабодная гульня розуму». Так і сказаў, я на ўсё жыццё запомніў: «Была свободная игра ума». Вось у гэтай гульні і ўзнікла фармулёўка: «СССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне».
Ну, добра: спыняе. А што далей?.. Пагадненні былі падпісаныя без ніякіх агаворак, без ніякіх дапаўненняў, без ніякіх гарантый з боку ініцыятараў (кіраўніцтва Расіі) з’яўлення гэтага дакумента. Найперш — гарантый дзяржаўнай цэласнасці Беларусі і Украіны. Няхай Ельцын з Бурбулісам пра тое не думалі, яны вырашалі выключна пытанне ўлады: не маглі прыбраць кіраўніка СССР Гарбачова, дык прыбралі з-пад яго краіну, якой ён кіраваў. Але ж падпісанты з украінскага (Краўчук і Фокін) і беларускага боку (Кебіч і Шушкевіч) мусілі думаць пра гэта. Ведаючы гісторыю, ведаючы Расію, знешняй палітыкай якой ва ўсе часы быў ці захоп, ці вяртанне «исконно русских земель». Няхай на той час праз палітычны, эканамічны крызіс ёй было не да таго. Але ж нельга было не задацца пытаннем: што будзе потым? Якія гарантыі, што зноў Расія не вернецца да імперскай ідэі «собирания земель»?
І вось яна вярнулася да гэтага. «Собирает» землі.
Нехта можа сказаць: Расія парушыла б любыя дадзеныя гарантыі, як парушыла Будапешцкія пагадненні. Магчыма. Але я кажу не пра адказнасць Расіі, а пра адказнасць людзей, якім даверылі свой лёс народы Беларусі і Украіны.
Ельцыну гэтак карцела скінуць Гарбачова, з якім былі ў яго яшчэ і асабістыя рахункі, што ён падпісаў бы любыя гарантыі. Але ні кіраўнікі Беларусі, ні кіраўнікі Украіны нічога не прапанавалі. А пасля распавядалі, якія яны мудрыя палітыкі. Маўляў, калі б не падпісаныя імі пагадненні, дык пачалася б вайна. Дык вось у 1991 у Белавежы яны й падпісалі вайну ва Украіне ў 2022.
Трэцяя гістарычная памылка была дапушчаная падчас правядзення першых прэзідэнцкіх выбараў. Замест таго, каб дамовіцца пра адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл, апазіцыя занялася міжпартыйнай барацьбой, вынікам якой стала адхіленне ад удзелу ў выбарах дэпутата Вярхоўнага Савета Генадзя Карпенкі. Менавіта таго палітыка, які, маючы харызму, да якой дадаваўся аўтарытэт гаспадарніка: дырэктара завода, кіраўніка горада, — мог выйграць выбары. І тады б выйграла Беларусь.
Шмат хто даводзіць (як, напрыклад, у сваіх успамінах пра 1994 год Сяргей Навумчык), што Беларусь выйграла б у тым выпадку, калі б на першых выбарах перамог Зянон Пазьняк. А ўжо на другіх Генадзь Карпенка. Але гэта палітычныя fantasy. Як у саветызаванай, не нацянальнай краіне мог адразу перамагчы нацыяналіст? Ніяк. Магло быць толькі наадварот: спачатку талерантны Карпенка, а пасля радыкальны Пазьняк. Але не сталася ні так, ні гэтак, бо не пра Беларусь думалі астатнія ўдзельнікі тых падзей. Пра сябе. І прыдумалі, як Карпенку да выбараў не дапусціць. Прычым, спосабам, мякка кажучы, не надта прыстойным.
Алег Трусаў, кіраўнік ініцыятыўнай групы Станіслава Шушкевіча, з'агітаваў 14 сяброў сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада адклікаць свае подпісы за вылучэнне Карпенкі кандыдатам у прэзідэнты. Паводле выбарчага заканадаўства такой «ініцыятывы» не магло быць. Не кажучы ўжо пра законы маралі. Разам з Аляксеем Дударавым, кіраўніком выбарчага штабу Карпенкі, мы ўгаворвалі яго адстойваць свае правы. У выбарчай камісіі, у судзе, які ў той час яшчэ быў судом. Але ён катэгарычна (хоць меў зусім не катэгарычны характар) адмовіўся судзіцца, увогуле з кім-небудзь пра «ініцыятыву» Трусава размаўляць. Сказаў: «Тое, што пачалося з подласці, ёй і скончыцца. І я не хачу мець да гатэга ніякага дачынення».
Чаму я спыняюся на гэтым нібы прыватным эпізодзе нашай нядаўняй гісторыі? Таму што з яго, як з ракавай пухліны, пайшлі метастазы амаральнасці. Сітуацыя з адкліканнем подпісаў паўтарылася ў драматычным 1996-ым, які мог стаць, але не стаў пераломным. 73 дэпутаты падпісаліся пад заявай у Канстытуцыйны суд за імпічмент прэзідэнта праз відавочныя парушэнні Канстытуцыі. Але 12 з іх подпісы адклікалі. Паводле заканадаўства гэтыя адкліканні, як і ў выпадку з Карпенкам, не мелі юрыдычнай сілы, што і пастанавіў Канстытуцыйны суд. Але пакуль суддзі разбіраліся з законамі, Лукашэнка паспеў правесці рэферэндум, па выніках якога займеў нікім і нічым не абмежаваную ўладу, для якой ужо не быў законам ні суд, ні сам закон. І ніхто з тых, хто падпісаўся і адклікаўся, у тым не пакаяўся.
Паказальна, што з 14 чалавек, якія спачатку падтрымалі Карпенку, а пасля яго прадалі, прабачэння за гэта папрасіў толькі адзін чалавек. Паэт Анатоль Вярцінскі. А з усіх астатніх — як вада з гусей. І на ўсіх наступных выбарах махінацыямі, фальсіфікацыямі займалася не толькі ўлада, але і апазіцыя. На выбарах 2010 года неабходныя 100 тысяч подпісаў сабраў толькі адзін з дзевяці апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Можа быць, два. Але па фальшывых спісах былі зарэгістраваныя і ўсе астатнія. Гэтак было і ў 2015-м, калі фальшывыя спісы падалі ўсе апазіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты, і ў 2020 годзе, калі праўдзівыя подпісы былі сабраныя толькі за Святлану Ціханоўскую. Тым самым апазіцыя далучалася да татальнай, якая панавала ў краіне, маны.
«Маной свет прайсці можаш, ды назад не вернешся», — кажуць у народзе. І менавіта падман народа на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года ператварыў пратэсты супраць фальсіфікацый у рэвалюцыю. Няхай яна не змяніла палітычны строй, дзяржаўны лад, але змяніла свядомасць грамадства, якое ўжо не магло жыць паводле маны.
Чаму рэвалюцыя не перамагла? Прычын паразы некалькі — і адна з іх у тым, што падчас ранейшых масавых пратэстаў (скажам, Плошчы-2010) дастаткова было палітычных лідараў, але бракавала народнай сілы, каб перамагчы. У 2020 годзе — наадварот: хапала народнай сілы, але бракавала лідараў. Тыя, якія з’явіліся, былі непадрыхтаваныя, не гатовыя да таго, каб узяць на сябе цяжар лідарства. І нібыта цяжка ў гэтым іх вінаваціць (з асабістага досведу ведаю, як яно няпроста), але...
Скарыстаўшыся паліттэхналогіямі (дэцэнтралізацыя пратэстаў), якія ў супрацьстаянні ўлады і апазіцыі сталіся паспяховымі ў Арменіі, «новая» беларуская апазіцыя цалкам адмежавалася ад апазіцыі «старой». Нікому з ранейшых апазіцыйных палітыкаў, якія мелі досвет арганізацыі масавых пратэстаў, не было прапанаванае сяброўства ў Каардынацыйнай радзе, дзе такога досведу не меў ніхто. Усе прапановы, заснаваныя на гэтым досведзе, расцэньваліся як памкненні навязаць тэхналогіі Плошчы, пра якую ніхто з новых палітыкаў чуць не хацеў: «Мы прыйдзем да ўлады мірным шляхам, без насілля». Але тэхналогіі самаарганізацыі ў адсутнасці лідара (які быў у той жа Арменіі і стаў пасля перамогі рэвалюцыі кіраўніком краіны) не спрацавалі.
Плошча — гэта не абавязкова насілле, барыкады, страляніна. Украінскі Майдан яшчэ да барыкадаў змусіў тагачаснага кіраўніка краіны Януковіча прапанаваць апазіцыі месца прэм'ер-міністра, прызначыць новыя парламенцкія выбары. Апазіцыя ад прапановы адмовілася, што было памылкай, якая прывяла да абвастрэння супрацьстаяння — і ўрэшце да страляніны. Гэтага можна было пазбегнуць, прыняўшы прапановы ўлады і ціснучы на яе Майданам, каб прапанаванае спраўдзілася.
Тое самае можна было б зрабіць (ці ва ўсякім разе паспрабаваць зрабіць) у жніўні 2020-га ў Беларусі. Але цяпер відавочна, што ў тым была рызыка. Вялікая. Расія ўжо планавала ўварванне ва Украіну (пра што мы тады не ведалі) і Беларусь была патрэбная ёй як плацдарм. Так што Плошча магла стаць прычынай для агрэсіі. Пад Смаленскам стаялі ў чаканні расійскія танкі, вайна магла б пачацца не ва Украіне, а ў нас.
Зрэшты, хто яго ведае, як яно магло быць. Ёсць тое, што ёсць. І ў тым, што ёсць, небяспека страціць Беларусь не меншая, чым у вайне.
Магчыма, спроба апазіцыі прыйсці да ўлады мірным шляхам уратавала нас ад крыві. Хутчэй за ўсё, што так. Але хто, дзе і калі праходзіў шлях да свабоды без ахвяр? Калі нават такое здаралася, дык свабода як прыходзіла — гэтак і сыходзіла. Бо нічым не заплаціўшы за свабоду, яе не цанілі. «Як не ацанілі мы, – кажа адзін з персанажаў майго недапісанага рамана, — незалежнасць, якая дасталася нам проста з ласкі Бога. Большасць нават не заўважыла, што яна ў нас ёсць. Тады Гасподзь падумаў: «Калі яны проста з ласкі маёй займеюць свабоду, дык ці не абыйдуцца з ёй гэтаксама, як абыйшліся з незалежнасцю?» І скіраваў нас на ахвярны шлях. Турмы, катаванні, выгнанні... І хто можа сказаць: лягчэйшы гэты шлях, ці цяжэйшы за той, які мог быць?»
У жыцці нічога не бывае проста так. І нічога не бывае ні для чаго. Усё — вялікае і малое — мае сэнс. Рэвалюцыя змяніла свядомасць, а Бог паслаў выпрабаванне. Як шлях да свабоды.
На гэтым шляху ў нас процьма пытанняў, на якія не проста знайсці адказы. І найпершае з іх: калі ўсё зменіцца?.. Калі адчыніцца для нас новае вакно магчымасцей?
Наша гісторыя пакуль гэтаксама не дапісаная, як і мой раман. Калі я пачынаў яго і вызначыўся з сюжэтнымі лініямі, людзьмі і падзеямі, праз якія б раскрываліся прычыны сённяшняга нашага стану, іх набралася каля тузіна. Умоўна я называў іх:
МАТЫВАЦЫЯ (якая ў тых, хто быў ва ўладзе і хацеў у ёй застацца, была ў сотні разоў большай, чым матывацыя тых, хто хацеў да ўлады прыйсці);
НАЦЫЯ (якая не саспелая яшчэ для таго, каб, як за сваё, змагацца за нацыянальнае);
ХАЛЯВІЗАЦЫЯ (якая ёсць тое, што было нажытае не са свайго, а з «халяўнага», дасталося з расійскіх датацый, якія, як і трэба было чакаць, аказаліся зусім не дармавымі), — і гэтак далей. Але ўсе гэтыя прычыны пераважала адна. Тая, якую ўжо даўно назваў вызначальнай у лёсе Расіі (цяпер чытай: і Беларусі, дзе канцэпцыя «русской власти» асоба над законам замацаваная ў Канстытуцыі) Аляксандр Герцан: «Дзяржава размясцілася ў Расіі як акупацыйнае войска. Мы не адчуваем дзяржаву часткай сябе, часткай грамадства. Дзяржава і грамадства вядуць вайну. Дзяржава — карную, грамадства — партызанскую».
Напісана даўно, але — як сёння.
Разумеючы, што Герцан сфармуляваў сутнасць найпершай праблемы Расіі, цяперашнія расійскія прапагандысты навыперадкі спрабуюць давесці, што гэта фэйк, што нідзе і ніколі ён такога не казаў і не пісаў. Ну, па-першае, менавіта так яно было і так ёсць, калі б нават Герцан не напісаў пра гэта. Па-другое, напісанае чорным па белым можна прачытаць у зборніку артыкулаў газеты «Звон» («Колокол»), якая выдавалася Герцанам у замежжы. І вось столькі часу прамінула, Расійская імперыя двойчы змяніла назву, але тое, што за назвай, засталося нязменным. І менавіта гэтая нязменнасць, як яно ні парадаксальна, павінна прывесці да кардынальных змен, бо такая мадэль дзяржавы знаходзіцца ў відавочным супярэчанні з часам — і мусіць з часу сыйсці.
Сыходзіць «русская власть» з Расіі будзе праз грамадскія ўзрушэнні — непазбежныя пасля несправядлівай, братазабойчай вайны, якую вядзе не народ, а дзяржава: размешчанае ў Расіі акупацыйнае войска. З яе сыходам і адчыніцца для нас новае вакно магчымасцей, якімі мусім мы скарыстацца без тых памылак, што зробленыя былі ў самымі пачатку гісторыі незалежнай Рэспублікі Беларусь.
Чаму мы не пазбеглі тых памылак? Тут веер прычын. Як відавочных — гэтак і дасюль не ўсвядомленых. Сярод відавочных тая, што ў нас не мелася людзей, палітыкаў, падрыхтаваных да вырашальных гістарычных падзей. Кіраўніком незалежнай Беларусі быў фізік, палітыкай займаліся археолагі, гісторыкі, літаратары. У пераважнай большасці гэта былі людзі з найлепшымі чалавечымі якасцямі, ды без палітычнай школы. Не толькі ў апазіцыі, але і ў кіраўніцтве краіны, у кабінеце міністраў не было ніякага досведу ў самастойнай, без азіранняў на ўсход ці на захад, палітыцы. Безумоўна, гэта істотная прычына, яна паўплывала на якасць палітычных рашэнняў. І ўсё ж не найпершая, якая палягала ў тым, што жылі мы ў новай гісторыі, але ў былым часе. Народ некалькі разоў спрабаваў з яго выйсці, але дзяржава, якая ў былым часе існуе дасюль, бо такая, якая яна ёсць, у новым часе існаваць не здольная, спробы падаўляла. І будучыня Беларусі як раней залежыла, гэтак і цяпер залежыць ад таго, як хутка з былога часу выберыцца народ і выцягне за сабой дзяржаву.
«Дык як хутка?.. Калі яно будзе?..» — вось пытанне, якое вісіць над нашым лёсам.
Не заўтра. Як напісаў той жа Герцан ва ўжо згаданым артыкуле: «Народ нельга вызваліць болей, чым ён вольны знутры...» А гэты адзіны шлях да свабоды нідзе і ніколі не быў кароткі.