Анка Упала — вядомая сучасная беларуская пісьменніца. Яе псеўданім адсылае да Янкі Купалы, класіка беларускай літаратуры.
Анка Упала таксама была вымушаная пакінуць Беларусь з-за рэпрэсій, рэжым Лукашэнкі пераследуе пісьменнікаў і забараняе літаратуру. «Я хачу іншай будучыні», — піша яна. «Дакладней, я хачу проста будучыні, а не толькі сцэн з мінулага».
У сваім эсэ для нашага праекта «Беларусь — Зазірнуць у будучыню» пісьменніца задаецца пытаннем, што засталося ад працэсу зменаў, які пачаўся ў 2020 годзе.
Падпісвайцеся на наш тэлеграм-канал, каб не прапусціць нічога з галоўных навін і найважнейшых дыскусій, якія ідуць у Нямеччыне і ў Еўропе. Гэта па-ранейшаму бяспечна для ўсіх, у тым ліку для грамадзян Беларусі і Расіі.
Дзіўныя глыбакаводныя рыбы з ліхтарыкамі над галовамі ў выніку падводнай катастрофы падняліся з глыбінь, і іх стала выкідаць на бераг. Паўсюдна ў свеце іх пачалі знаходзіць людзі. Так мне бачыцца з’яўленне большай колькасці маіх суайчынніц і суайчыннікаў за мяжой за апошнія гады праз палітычны крызіс у Беларусі.
— Учора я сустрэў беларусаў! — раніцай кажа мне мой сусед па берлінскай кватэры немец Матцэ, калі я выходжу на агульную кухню, каб зрабіць сабе кубак кавы.
Мінулым вечарам Матцэ піў гарэлку з сябрамі дома, а потым яны пайшлі ў бар. І там яму ўдалося зрабіць гэтае антрапалагічнае адкрыццё.
— Гэта былі дзве жанчыны. Яны сядзелі ў кутку! Я падышоў да іх і спытаў, чаму вы сядзіце тут у кутку? Яны былі падобныя да двух шпіёнаў!
— Чаму табе так падалося?
Матцэ задумваецца — «Хм-м…» і пасля паўзы адказвае:
— Яны былі занадта ідэальныя!
— Мая знаёмая літоўка, якая дзесяць гадоў сустракаецца з беларускай гёрлфрэнд, казала мне, што беларусы вельмі сябе кантралююць.
— Менавіта. Нейкія яны былі нерасслабленыя.
— Яны так прызвычаіліся жыць. Не думаю, што за мяжой беларусы могуць хутка расслабіцца. Але ж яны былі адкрытыя, каб з табой пабалбатаць, праўда?
— Так!
Цяпер я часта адчуваю даўно мінулае як учора, а цяперашні час як паўтарэнне. Час замкнуўся пасля апошняга абвяшчэння перамогі ўзурпатара на выбарах. Ад гэтага было цяжэй, чым ранейшыя разы. Напэўна, таму, што перад гэтым забліскаў прамень надзеі на перамены. І згас. Я перастала бачыць выйсце з часу. Веды пра мінулае нібыта ёсць, але нібыта іх і няма. Цяперашнія людзі як быццам не ведаюць пра вопыт папярэдніх. Мы проста стаім і назіраем, як на нас насоўваецца сцяна будучыні, пра якую мы чытаем у даўніх кнігах, яна закрывае паўнеба: вось рэпрэсіі, вось вайна, вось паталагічныя ўлады, вось немагчымасць вярнуцца дахаты.
Спачатку я ў Літве, потым у Германіі. Мае знаёмыя літоўцы і немцы кажуць, што зараз ізноў пачнецца новая сусветная. Мае сяброўкі ў Беларусі нічога не кажуць. Калі мы сустракаемся праз відэазванкі, мы больш не размаўляем пра страшнае. У нашых гутарках амаль няма ані вайны, ані турмы. Скурка затонкая, яе нельга чапаць. Не згадвай таго, на што не можаш паўплываць. Гэта як, калі я пісала лісты ў турму палітзняволеным і можна было пісаць толькі пра побытавае, я заўжды абмінала тэму ежы.
Вечарам у мяне вельмі благі настрой, толькі што, едучы S-банам, я чытала з тэлефона навіны і азнаёмілася з прагнозам на будучыню для нашага рэгіёна, але я прыкусваю свой язык і кажу «давайце пачытаем». Наша завядзёнка з сяброўкамі ў Мінску — чытаць разам уголас. Ад таго, што мы яшчэ можам рабіць гэта па відэасувязі, лягчэй трываць усё, што навокал. Заадно атрымліваеш нейкую прышчэпку мінулага. Сяброўка раскрывае бібліятэчную кнігу, я ў Берліне слухаю. Мы ў пачатку восені 1915. Максім Гарэцкі, «Віленскія камунары»:
«З турмы крымінальных, здаецца, выпусцілі. А палітычных усіх вывезлі, — ніхто не ведаў, калі і як. Вывозілі вельмі сакрэтна, патрошку і ў глухую ноч. І павезлі некуды далей ад фронту, у глыбокую Расію, можа ў Сібір, каб бацьку майму ў большай кампаніі павесялела.
Пойдзеш на вакзал — горы рэчаў: скрыні, кашы, валізы, кветкі, рускія абразы... Важнае начальства і заможныя людзі займаюць асобныя купэ. Жаруць, п’юць, як перад голадам. Падвесяляюцца:
— Ненадолго!
— Скоро назад!
— Ещё погуляем в красавице-Вильне!
А глухую кананаду ўночы было ўжо чуваць... Гэта, казалі, немец забірае Коўню...».
Калі ўсё запісана наперад, то чаму нічога нельга памяняць? Я хачу іншую будучыню. Дакладней я хачу проста будучыню, а не ўдзельнічаць у сцэнках з мінулага. Мая беларуская бабуля засталася жывой у другую сусветную толькі таму, што ўцякла праз дзіру ў сцяне сарая. Я вырасла з адчуваннем, што ў любога чалавека маёй генерацыі ў Беларусі ёсць такая бабуля, якая выжыла цудам, гэта мая норма.
Мне пашанцавала, я паехала з Беларусі ў канцы мінулага года. Бабуля, я ратуюся ў Германіі! Я выслізнула з пальцаў дзяржавы, якая па мяне пацягнулася. Яны нічога не паспелі мне зрабіць. Але людзі ў Беларусі ніяк не абароненыя. Над кожным вісіць меч, хоць рэдкім заезджым гасцям, кажуць, гэта невідавочна. Кажуць, іх вельмі здзіўляе Беларусь, пра якую яны чулі — калі чулі — толькі страшнае. Там працуюць рэстараны, у крамах няма нястачы прадуктаў, людзі добра апранутыя, яны могуць усміхацца і нават смяяцца. Навокал быццам бы працягваецца звычайнае жыццё еўрапейскай краіны — якой Беларусь і з’яўляецца, хоць многія пра яе існаванне і ўяўлення не маюць. Толькі на ўзроўні ўлады нейкая паломка. У любы момант дзяржава можа выхапіць любога чалавека з яго жыцця і зламаць яго, трымаць у бесчалавечных умовах, здзекавацца з яго і блізкіх, пазбавіць працы, маёмасці, свабоды, камунікацыі, здароўя і нават жыцця. Ён знікне, і над ім самкнецца вада. Ніхто ў Беларусі не ў бяспецы. Заезджыя замежнікі — не выключэнне. Я памятаю, як гэта. Ты жывеш з каменем на сэрцы.
Дзверы зачыненыя. Калі нешта здарыцца, большасць не ўцячэ. Шэнгенскую візу ў беларускі пашпарт амаль немагчыма атрымаць. Пакуль шматразовыя візы яшчэ выдаюць Германія і Італія. Германія і Італія. Але на падачу дакументаў на нямецкую візу трэба запісвацца амаль за год. Людзі стаяць у даўжэзнай чарзе, каб запісацца ў сшытак на атрыманне акенца для падачы дакументаў на італьянскую візу. Яго называюць «Сшытак Алега», паводле імені супрацоўніка амбасады, які яго вядзе. Назва як быццам з нейкай кнігі фэнтэзі.
У страшным часе страшна шмат літаратуры. Раней я часта думала пра тое, як так атрымалася, што беларускія пісьменнікі, расстраляныя ў 1930-я падчас сталінскіх рэпрэсій, паспелі напісаць так шмат крутых твораў, калі іх забілі такімі маладымі. Майго любімага празаіка Лукашу Калюгу, вядомага сваёй асаблівай, неверагодна багатай мовай, арыштавалі і адправілі ў ссылку, калі яму было толькі дваццаць тры гады, расстралялі ў дваццаць восем. Калі я думаю пра яго, то магу заплакаць, як па кімсьці, каго ведала асабіста. З ім было так весела, калі мы яго чыталі. Максіма Гарэцкага арыштавалі ў трыццаць сем гадоў, расстралялі ў сорак пяць. Чытаючы яго, быццам падарожнічаеш у часе.
— У мяне ёсць тэорыя, — сказала мне мая польская каляжанка паэтка Наталля, — што аўтары, якія рана атрымалі шмат цяжкага вопыту, рана саспяваюць як пісьменнікі.
Мне не прыходзіла гэта ў галаву.
За тыдзень да таго, як міграцыйная служба Літвы дэпартавала мяне ў Германію, я пайшла шукаць, дзе менавіта ў Вільні ў 1864 годзе ўлады Расійскай імперыі павесілі Кастуся Каліноўскага, рэвалюцыянера, постаць якога ўвасабляе для беларусаў ідэю нацыянальнай незалежнасці. Побач з тым месцам на Лукішках, дзе стаяла шыбеніца, цяпер кансерваторыя і музей генацыду, у будынку якога раней размяшчаўся КДБ. Я саджуся на лавачку і гляджу. Калі змены не надыходзяць, то час нічога асабліва не аддзяляе, сто шэсцьдзясят гадоў таму — гэта ўчора. Перад смерцю Каліноўскага назвалі дваранінам, і ён запярэчыў: «У нас няма дваран, усе роўныя!». Такі ідэаліст. На момант смерці яму было толькі дваццаць шэсць гадоў. Рана атрымаў цяжкі вопыт.
Нядаўна я прыходзіла сюды на Лукішкі на канцэрт, каб пабачыць і паслухаць літоўскага спевака Сільвестра Бэлта. Сёлета на мой густ у Літвы быў самы элегантны нумар на «Еўрабачанні». Мне падабаецца ўбор Сільвестра, тое, як ён рухае плячыма, тонкі твар і асабліва яго літоўская мова. Яна такая прыгожая. Ён спявае пра адкладзенае жыццё. Лірычнага героя просяць пачакаць трошкі, і яшчэ трошкі, «Заўтра, заўтра, заўтра». Дзень прайшоў і яшчэ адзін, але нічога не мяняецца.
Сільвестр — першы адкрыты ЛГБТК+ спявак у гісторыі, за якога Літва прагаласавала на нацыянальным адборы на Еўрабачанне, хоць яму давялося трываць і булінг. «Я прыклад таго, што Літва прагрэсіўная», — пярэчыць ён, калі ў адным з інтэрв’ю яму кажуць, што яго радзіма — не самая прагрэсіўная краіна Еўропы. «Я тут, каб падтрымаць вас, — звяртаецца ён да людзей у Літве, якіх рэпрезентуе: — Не думайце, што вы — людзі, горшыя за іншых». Я зазіраю ў інтэрнэт, каб паглядзець яго ўзрост. Дваццаць шэсць гадоў чуваку. У сваім чырвоным касцюме на сцэне ён гарыць, як агмень яго адвагі.
З акна віленскай кансерваторыі гучыць класічная музыка. Ад класічнай музыкі да пратэстаў «За нашу і вашу свабоду!» — адзін крок.
У 2017 годзе літоўскія археолагі знайшлі парэшткі паўстанцаў 1863 года, у тым ліку і Каліноўскага. Рукі яго былі звязаныя за спінай, цела аблітае вапнай. Расійскія ўлады вырашылі целы далёка не вазіць і таемна пахавалі іх у самым сэрцы Вільні на гары Гедыміна. Іх знайшлі выпадкова, калі на гары здарыўся апоўзень. Перапахаванне адбылося праз два гады. Ад усіх дзяржаў, для якіх гісторыя паўстання была важная, былі афіцыйныя прадстаўніцтвы, ад Польшчы і Літвы — прэзідэнты. Ад Беларусі — намеснік прэм’ера, можна сказаць Ніхто. Магілы паўстанцаў планавалася падпісаць па-польску і па-літоўску. Па-беларуску — не, бо беларуская дзяржава не дасылала афіцыйнага запыту на гэта. Так гэта працуе. І ўсё-ткі беларускія актывісты, чыіх бела-чырвона-белых сцягоў было на перапахаванні больш за іншых, дамагліся подпісаў на беларускай мове. «Мы пісалі лісты!» — пацвердзіў мне мой віленскі калега Уладзіслаў. І літоўская дзяржава да іх прыслухалася. Беларуская ж ніяк нашую агульную з суседзямі гісторыю паўстання за нацыянальную незалежнасць не рэквеставала. Яна толькі палохае гісторыяй, тых жа суседзяў. У ідэале беларускія палітыкі мусяць займацца дыпламатыяй і разам з літоўскімі калегамі выбудоўваць такі прымальны для абодвух бакоў наратыў на грунце агульнага мінулага, каб мы маглі жыць побач як добрыя суседзі і сябры ва ўзаемнай павазе. Праблема толькі ў тым, што ўнутры беларускай дзяржавы няма беларускіх палітыкаў.
Адно з маіх вострых адчуванняў за межамі Беларусі — адчуванне нацыянальнага сіроцтва.
— Што ты ведаеш пра Беларусь? — пытаецца славацкі пісьменнік Павал у Мірыям, драматургіні з Аўстрыі.
З Павалам і Мірыям мы пасябравалі на стыпендыі ў Берлінскім літаратурным калёквіуме і часта бавім час за гутаркамі.
— Даруйце, але толькі тое, што там дыктатура. Раней я ніколі не сустракала нікога з Беларусі.
— Ведаеце, бываюць мемы з картай Еўропы, дзе жартуюць пра краіны, — кажу я. — Прынамсі раней мне пастаянна трапляліся на вочы такія, дзе пра іншыя краіны быў які-небудзь жарт, а пра Беларусь — нічога. Яе контуры маглі быць проста зафарбаваныя шэрым. То бок пра краіну настолькі нічога не было вядома за яе межамі, што нават жарту не атрымлівалася прыдумаць. Мы — сіроты Еўропы. У нас няма нацыянальных прабеларускіх дзяржаўных улад, якія б прадстаўлялі краіну ў свеце і даносілі б беларускі наратыў. Я не бачу іншага тлумачэння таму, што краіна малавядомая ў свеце.
Я лічу, што галоўная прычына таго, што Беларусь застаецца тэра інкогніта ў свеце — дысфункцыя яе дзяржавы як нацыянальнага прадстаўніцтва. Дзяржавы ўзаемадзейнічаюць як інстытуцыі, абменьваючыся афіцыйнымі запытамі, рэквестуючы сваю культуру і сваю гісторыю, робячы краіну прысутнай і бачнай на міжнародным узроўні. Калі гэтага не адбываецца — краіна «не пеленгуецца».
У Музеі Ванзейскай канферэнцыі ў Берліне, у будынку якога ў 1942 годзе нацысты прынялі «Канчатковае рашэнне габрэйскага пытання», у мяне ўзнікла суб’ектыўнае адчуванне, што Беларусь там прадстаўленая толькі як тэрыторыя. Я пачула там «голас» Ізраіля, Польшчы, Германіі, але не Беларусі. І гэта так дзіўна для мяне. Да Другой сусветнай вайны ў нас была надзвычай высокая доля габрэйскага насельніцтва. Ідыш быў адной з дзяржаўных моў Беларусі. Беларускія мястэчкі поўняцца гісторыямі забітых габрэяў. Я памятаю, як стаяла на месцы адной з калектыўных магіл. Мясцовы жыхар расказваў, што, калі тут пачалі капаць, каб зрабіць фундамент для помніка забітым, рабочыя ў жаху пачалі адмаўляцца, бо капаць было немагчыма, праз дзясяткі гадоў пасля забойства замест зямлі экскаватар зачэрпваў неперагнілыя целы. Таму ад фундамента адмовіліся і проста паклалі зверху бетонную пліту.
Хто будзе гаварыць ад Беларусі ў гэтай гісторыі? Без афіцыйнага прадстаўніцтва гэта вельмі цяжка. Прабеларускія прота-дзяржаўныя структуры, офіс Ціханоўскай, — у выгнанні за мяжой у Літве, у падвешаным стане. Цывільнае грамадства — у закладніках ва «ўзброенага крымінальнага фарміравання», якое абапіраецца на фінансавую, сілавую і ідэалагічную падтрымку пуцінскай дзяржавы.
Як паказала гісторыя нядаўняга часу, беларускае грамадства далёкае ад таго, каб быць інфантыльным. У часы ковіду і пратэстаў-2020 людзі выяўлялі высокую здольнасць да самаарганізацыі. Але на макраўзроўні інтарэсы краін абслугоўваюцца не актывістамі.
Нацыянальнае сіроцтва прычынай таму, што пры нядаўнім абмене палоннымі паміж Захадам і Расіяй пра Беларусь забылі. У многіх з нас гэта выклікала пачуццё шоку. Беларускія палітзняволеныя церпяць пакуты і паміраюць у ізаляцыі. Мы празрыстыя. Офіс Ціханоўскай праігнаравалі. Для актараў міжнароднай палітыкі ўрад у выгнанні — недапрадстаўніцтва. Залежны ад суседняй краіны дыктатар таксама. Таму адбыўся збой. Для іншых дзяржаў невідавочна, куды дасылаць свае запыты на ўзаемадзеянне датычна нашай краіны.
На маю думку, пакуль неадрэфлексаваны вынік пратэстаў у Беларусі 2020 года — гэта тое, што краіна, на кароткі час апынуўшыся ў цэнтры ўвагі сусветных навін, раптам змагла паглядзець на сябе вачыма «іншага», вонкавага назіральніка. «Хто вы?» — падвісла пытанне.
І мы пачалі на яго адказваць. Не толькі іншым, але і сабе. І, адказваючы, нешта разумець пра сябе лепей. Беларусы дагэтуль працягваюць адказваць на гэтае пытанне, рассеяўшыся па свеце як палітычныя ўцекачы і працоўныя мігранты і параўноўваючы сябе з тымі культурамі, сярод якіх апынуліся. Яны працягваюць адказваць на гэтае пытанне, застаючыся ў Беларусі.
Сяброўка нядаўна назірала сцэнку ў Мінску: кампанія маладых людзей стаіць на пешаходным пераходзе. Машын няма. Двое, не сцярпеўшы, пераходзяць дарогу на чырвонае святло.
— Мужыкі, вы не беларусы! — гукаюць ім іх таварышы, якія застаюцца чакаць зялёнага.
Яшчэ нядаўна беларусы не дужа ведалі, чым яны адрозніваюцца ад іншых. Якія ў іх, напрыклад, характэрныя патэрны паводзінаў. А цяпер даведаліся.
Вядомым, але яшчэ недаацэненым, як на мяне, застаўся і той факт, што ў 2020 годзе Марыя Калеснікава, адна з лідарак пратэстаў супраць дыктатуры, упершыню ў гісторыі сказала: «Беларусы, вы неверагодныя!». Пазней мне сустракалася саркастычная крытыка гэтых слоў як самалюбавання, але я з гэтым не згодная. Я лічу гэтае сцвярджэнне і рэакцыю на яго важным паваротным пунктам у гісторыі краіны. Людзі ў Беларусі ніколі не лічылі сябе класнымі. Бадай упершыню ў гісторыі яны ўбачылі сябе такімі. Хіба гэта не важна?
З калегамі з розных краін мы сядзім на тэрасе Берлінскага літаратурнага калёквіуму. Над возерам Ванзее, на якое мы глядзім, ужо пралегла палоска закатнага сонца. Хутка мне трэба будзе вяртацца ў сваё берлінскае жытло.
— Як кажуць па-беларуску, калі чокаюцца? — пытаецца ў мяне Бояна з Сербіі.
— Часта кажуць «Будзьма!». Але мне падабаецца іншы варыянт, «Шануймася!».
— А што значыць першае і што другое?
— Першае — «Давайце будзем»! А другі — «Давайце будзем шанаваць сябе»!
— Мне падабаюцца абодва!
Гучыць як план.
Тэкст: Анка Упала
Апублікаваны: 02.01.2025