Са жніўня 2020 г. беларускі і беларусы выступаюць з пратэстамі за сумленныя і свабодныя выбары ды свае асноўныя правы. За кароткі час паўстаў і дасягнуў гістарычнага значэння шырокі і мірны рух за дэмакратыю і пашырэнне правоў і магчымасцяў грамадзянскай супольнасці. Гэты рух адстойвае права голасу і права на ўдзел у прыняцці рашэнняў. Адбываюцца кардынальныя змены, вынікі якіх яшчэ невядомыя. Аляксандр Лукашэнка спрабуе задушыць пратэст, спыніць змены рэпрэсіямі і гвалтам.
У гэты складаны час мы гатовыя адважыцца на размову пра будучыню, паспрабаваць знайсці для яе словы і паразважаць пра яе. У праекце «Беларусь — Зазірнуць у будучыню» Дэкодэр (dekoder) у супрацоўніцтве з Фондам С. Фішэра (S. Fischer Stiftung) прэзентуе шэсць эсэ беларускіх аўтарак і аўтараў, што ў літаратурнай і паэтычнай, аналітычнай ці культуралагічнай форме звяртаюцца да тэмы будучыні Беларусі. У перакладзе на нямецкую мову тэксты будуць апублікаваныя на партале Дэкодэр. Адначасова наш медыйны партнёр Colta.ru апублікуе тэксты па-руску. Мастачка Тосла падрыхтуе ілюстрацыі да кожнага эсэ ў рамках ейнага праекту «Вузел Надзеі».
Паэтка і перакладчыца Ганна Комар нарадзілася ў Баранавічах у 1989 годзе і з'яўляецца адным з самых важных літаратурных галасоў свайго пакалення ў Беларусі. У сваім эсэ яна закранае пытанне, якімі моўнымі сродкамі можна апісаць тое, што адбылося на яе радзіме з пачатку пратэстаў летам 2020 года: вершамі ці прозай? Ці можна ўвогуле перадаць жахлівае абуральнае мовай так, каб закласці фундамент для будучыні? «У нас увесь час скрадаюць мінулае, таму мы не можам яго адпусціць.»
Беларусь 2020-2021 — як дакументальная паэзія: гэтая літаратурная форма нарадзілася даўно і жыла сваім патаемным жыццём, заўважным у асноўным рэдактарам літаратурных часопісаў ці акадэмічнай праслойцы, збольшага заходняй, доўга лічылася маргінальнай і не была прызнанай, вакол яе бясконца вяліся — і дагэтуль вядуцца — дэбаты датычна генэзіса і месца ў прасторы. Амерыканская дакументальная паэзія, да прыкладу, палітызавалася, стала больш сацыяльна актыўнай, перайшоўшы ад чыстага лірызму да гібрыдных формаў, стала звяртацца да гісторыі, фальклора, рэпартажу — у 1920-1930 гг1. Беларусь — у 2020.
Дзеля таго каб стварыць новы дакументальны верш, трэба разбурыць першапачатковы тэкст альбо тэксты. Пашырыць сінтаксічную спалучальнасць. Канкрэтызаваць сэнс на іншым узроўні.
«Напаўразбураная паэтычная мова застаецца сістэмнай і моцна трывае сувязі, якія прыцягваюць адно да аднаго прадметы і паняткі, азначальнікі і азначаныя, аб’ядноўваючы вобразныя сістэмы розных шэрагаў для стварэння мастацкага выказвання, адэкватнага сістэме свету, пра які вядзецца гаворка...»2
Я разбураю і пераствараю, каб захаваць.
Мне патрэбныя іншыя тэксты людзі, каб зазірнуць у будучыню Беларусі, таму што мяне паралізуе само гэтае слова — «будучыня». Сустрэцца з невядомасцю, трывогай, пражыць іх, прапусціць праз рэшата волі і пакінуць спакойнае, разважлівае, надзейнае пачуццё заземленасці. У такім стане значна лягчэй жыць, трансфармаваць і будаваць — будучыню…
Мантаж, рытмізацыя, фрагментацыя.
«Хутка пераможам», — паўтаралі мы пры кожнай сустрэчы і планавалі жыццё на пасля. Выдаць кнігу, паставіць спектакль, схадзіць патанцаваць, змяніць працу, закахацца, выспацца… вось пераможам — і тады. Да першага марша, да Новага года, да вясны, да гадавіны праэстаў…
Гэтым «хутка пераможам» ці не адцягвалі мы момант, калі прыйдзецца прымаць рашэнне і браць на сябе адказнасць канчаткова і незваротна: калі краіна будзе належаць нам, што тады? Тады нам не схавацца ад таго, наколькі мы ўсе розныя і наколькі нашыя стасункі прасякнутыя культурай прымусу і гвалту, таксічнасцю. Што калі ў мірны час мы не зможам дамовіцца і нашая салідарнасць застанецца салодкім успамінам, амаль сном?
У адной калоне маршыравалі побач вернікі і не, людзі з ЛГБТК супольнасці і гамафобы, чайлдфрі і пралайф, эмігранты і ксенафобы, феміністкі і сэксісты… Мы хацелі застацца ў гэтым кайфовым моманце ўздыму — самы натуральны, якасны «стаф». «Перамога» ўяўлялася нам магічнай палачкай, якая аўтаматычна вырашыць праблемы. Можа быць, насамрэч большасці з нас хацелася вярнуцца да сваіх «катлет» — што б мы ні мелі на ўвазе пад гэтым эўфемізмам: догляд за сям’ёй, напісанне кніг, кіраўніцтва бізнэсам альбо мноства іншых варыянтаў ды іх камбінацыі. Ці не таму столькіх абурала гэтае жаданне, выказанае ўголас той, на каго мы накіравалі столькі ўласных праекцый?
Вертыкальныя прабелы.
Памяць — гэта здольнасць мозгу ўтрымліваць і добраахвотна ўзнаўляць інфармацыю. Іншымі словамі, здольнасць, якая дазваляе нам узгадваць падзеі, думкі, адчуванні і паняткі, што адбыліся, і ўзаемасувязь паміж імі.
Кастрычнік 2021. Цэнтр Лондана. Я стаю пад універсітэтам і размаўляю са студэнтам з Малдовы — пра перамены, якія надышлі ў іхнай краіне праз 30 гадоў барацьбы, пра першую прэзідэнтку, на якую сапраўды можна пакласціся, пра Беларусь. Я эмацыйна — бы на памосце — расказваю, што, калі пастаянна, патрошку рухаць груз у накірунку ўрвішча, то рана ці позна ён туды ўпадзе. Я заканчваю думку і падымаю вочы на дарогу — шэраг велізарных цёмна-шэра-зялёных машын спыніўся насупраць. Не дыхаю. Спінай ведаю, што за мной дзверы і я туды магу бегчы. Я разумею, што гэта не аўтазакі і з іх не вываліцца АМАП. Гэта не за мной, гэта не за кім. «Дыхай, мая харошая, дыхай і не драматызуй».
Блэкаўты.
Калектыўная памяць фармуе ідэнтычнасць супольнасці і яе дзейнасць, а таксама дазваляе пазбегнуць памылак у будучыні.3
Мы такія, якімі нас вучылі быць: «бедакі, небаракі, наіўныя, бездапаможныя, крыж наш цяжкі і несці нам яго, пакуль не знойдзем канец вясёлкі…» Кароткі пераказ школьнай праграмы па беларускай літаратуры — прадуманая палітыка знішчэння волі і прагі да жыцця. Так мы і раслі, і жылі ў стане вывучанай бездапаможнасці, няўпэўненыя ў сваіх сілах, у сваім праве задаваць пытанні, адмаўляцца, шукаць іншыя варыянты, прэтэндаваць на лепшае. Такой была нашая калектыўная памяць.
Тое, што мы напішам цяпер, і тое, што прачытаюць новыя людзі, — сфармуе нашую новую калектыўную памяць. У гэтым новым сезоне пасталелыя героі ды гераіні не дазволяць абясцэніць іхны досвед. Яны давялі справу да канца — могуць сабе дазволіць дыктаваць. Дыктуйце — я гатовая, каб праз мяне вы расказалі, як вам было страшна і як вы пераадолелі страх.
Абрывы, разрывы словаў, закрэсліванне.
Будучыня — патрэба вышэйшага парадку, яе не задаволіш, пакуль не пакрытыя базавыя — напрыклад, мінулае.
17 верасня 2020 года я выйшла з ізалятара ў Жодзіне пасля дзевяці сутак арышту. Калі затрымлівалі, мне не было страшна, але было пасля — што зноў пасадзяць. 27 верасня я гадзіну прасядзела ў кватэры, спрабуючы па-за дрэвамі ў акно назіраць за тым, што адбываецца вакол Стэлы, чытаючы навіны пра аўтазакі і затрыманні па дарозе на марш, баючыся выйсці з дому. Пасля надзела ўсё цёмнае ды старую куртку, якую не шкада, і выйшла. Бы цёплы вецер у твар — паток людзей, што рушылі да Стэлы: спакойна і ўзважана, упэўнена. Людзей, якія памяталі, навошта яны выйшлі з дому — вярнуць сабе будучыню.
Будучыні не бывае без мінулага. Мінулага, якое — як бацькоўскі дом, дзе на сценах яшчэ паклееныя шпалеры з твайго дзяцінства і захаваўся твой аднавокі мяккі зайка, дзе ў скрынях знойдзеш свае старыя дённікі, у якіх пісала пра першае каханне і здраду, куды ўклейвала любімыя вершы, выразаныя з газет, і пялёсткі першай падоранай ружы. Туды можна прыехаць, натаптацца свежага батона з малінавым сочывам, запарыць зёлак у старэнькі эмаліраваны кубачак і заліпнуць у акно на снег, які кружится, летает и тает… Там спакойна і надзейна. Туды можна вярнуцца, калі адчуеш, што забываешся, кім ты ёсць.
Калі часта пераязджаеш, бо не маеш уласнага дому, то не захоўваеш рэчаў — дзённікаў, фотаальбомаў, маміных сукенак — доказаў таго, што ты не прыдумала дзяцінства і ўспаміны. Калі жывеш у сваім уласным доме, то захоўваеш рэчы, раскладаеш і выстаўляеш на бачным месцы, з гонарам. У тых, хто адчувае сябе гаспадарамі на Радзіме, немагчыма скрасці гісторыю і памяць. А я прачынаюся з думкай пра спіс з некалькіх соцень работнікаў культурных інстытуцый, якіх загадана звольніць, і з жахам думаю: хто будзе працаваць у Музеі Максіма Багдановіча?.. і што калі ўсе архівы знішчаць? Усе-усе… І ці падумалі пра гэта работнікі музеяў, ці зрабілі сканы… Усяго-усяго…
У нас увесь час скрадаюць мінулае, таму мы не можам яго адпусціць. Мы прымацоўваем сябе да яго ланцугамі, як абаронцы прыроды: будзеце вывозіць наш лес — толькі разам з намі. Немагчыма адпусціць тое, чаго ў цябе ніколі не было ўволю — будзеш шукаць гэта ў іншых мовах, ландшафтах, у бяспецы і магчымасцях, але мінулае заўжды будзе на крок апярэджваць цябе.
Безпрабелавасць.
Адзін з нядзельных маршаў; людзі са сцягамі, музыкай, плакатамі і крычалкамі шпарка рухаюцца па праспекце. Я зайздрошчу іхным трапным, смешным, іранічным плакатам. Іх паэтычнасці, сцісласці, дакладнасці. Хтосьці пачынае крычалку — і я падхопліваю. Якая палёгка, што на гэтым іспыце можна выбраць варыянт з прапанаваных, а не пісаць свой. Адчуваю сябе маленькім светлым зомбі.
За што я выходзіла? Спачатку пра гэта не думалася, проста так было патрэбна. Прыйсці і ўбачыць, якой яна насамрэч можа быць — мая Беларусь. Зрабіць унёсак у тое, каб ідэальны праект стаў рэальнасцю. З таго часу я спачатку кажу «Беларусь», а пасля называю ўласнае імя. Таму што баюся страціць яе. А сябе?
Будучыня — гэта там, дзе ў мяне ёсць уласнае імя. Дзе ў мяне ёсць права быць. Дзе свет робіцца лепшым проста таму, што я не здраджваю сабе. Дзе ў мяне для гэта ёсць магчымасці.
Я не магла ўявіць будучыню — але выходзіла за магчымасць яе мець.
Паліфанічны сведка.
Я замаўкаю. Шмат нагаварыла, ды ўсю праўду не сказала. Мне страшна, што ў нас не атрымаецца давесці справу да канца, — вось тое, што я баялася вымавіць.
«Праўда — заўсёды рэальны крок да вызвалення»4. Праўда не можа і не павінна належаць толькі мне, і я не адзіная, каму ёсць што сказаць. Будучыня — дакументальны верш, напісаным намі, такімі рознымі, разам.
Краіна без рудыментаў
чалавеканенавісныхсаўковых!
Мужчыны могуць гуляць па праспекце сталіцы, узяўшыся за рукі!
Усе размаўляюць па-беларуску! Ніякага знішчэння катоў/сабак!
Социальное государство, Без идеологии!
Без шор!
а не его патерналистское подобие!
Принятие решений, в которых заинтересовано большинство!
Беларуская моладзь адчыніць дзеля сябе цывілізацыю!
Без масавага піяцтва і алкагалізму!
Алфавит перевели на латинку и возрадили униатство! Дабрабыт!
Дворовые сообщества! Предприятия — сообществам рабочих!
Экологичность!
Напісаная за гэты час літаратура зрабілася прыкладам і сімвалам на невядомых нам мовах для невядомых нам людзей!
Шчаслівыя бабулі з дзядулямі!
Закон!
Спяваць, танчыць і абдымацца на ўсіх вуліцах і плошчах!
Без ксенофобии в независимых медиа!
Вялікая сонечная сям’я!
В школах и универах — разные формы самоуправления!
Справядлівае грамадства!
Ты не баішся позіркаў, не напружваешся, што цябе могуць убачыць, заўважыць, не тады і не тыя…!
Социальная и культурная инклюзивность!
Мы агульная дэмакратычная сям'я!
Людзі на вуліцах не здзіўляюцца добрым словам ад незнаёмых!
Усе сферы рэфармаваныя і пабудаваныя на прынцыпах павагі правоў чалавека!
— Не варта агучваць, бо не збудзецца.
— ?
— Галактычная імпэрыя.
— ?
— Праўда, канешне.
Аўтарка дзякуе ўсім, хто падзяліліся з ёю сваімі марамі і ўяўленнямі пра будучыню Беларусі.